УСТУП
Дадзенае даследаванне ўяўляе сабой агляд асноўных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў сферы культуры і гістарыяграфіі цягам лютага 2024 года і маюць дачыненне да фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці.
У лютым былі выяўлены такія тэндэнцыі:
- Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры афіцыйных беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца амаль цалкам манапалізаваным Расіяй на фоне татальнай адсутнасці супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы;
- Працягваецца перапісванне гісторыі, барацьба з беларускімі гістарычнымі постацямі, непажаданымі для Расіі, а таксама працэс уніфікацыі гістарычных навук Беларусі і Расіі;
- У ідэалагічнай сферы адбываецца сакралізацыя савецкага мінулага шляхам паўсюднага выкарыстання тэмы Вялікай Айчыннай вайны і шматлікіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня вываду савецкіх войск з Афганістана;
- Расія, (пра)расійскія арганізацыі і актывісты не спыняюць сваю актыўнасць, праводзячы ў Беларусі экспансію расійскай культуры і рускай мовы і ствараючы падмурак для далейшай інтэграцыі;
- Па-ранейшаму назіраецца папулярызацыя рускай мовы і стварэнне адзінай (руска)моўнай прасторы;
- Беларуская нацыянальная культура ўсё больш прывязваецца да расійскай, падвяргаюцца рэпрэсіям дзеячы культуры.
МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
У лютым 2024 года на Telegram-канале Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было змешчана 28 арыгінальных навін, якія тычацца міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры.
Колькасць выпадкаў супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі ў сферы культуры засталася на тым самым узроўні, што і ў папярэднім месяцы. Галоўным для Беларусі партнёрам у культурнай сферы па-ранейшаму была Расійская Федэрацыя. Што тычыцца супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы, то цягам месяца такіх выпадкаў зноў не было зафіксавана.
Гэтыя дадзеныя пацвярджаюцца і афіцыйнай інфармацыяй, агучанай 16 лютага на выніковай калегіі Міністэрства культуры, на якой глава ведамства Анатоль Маркевіч падвёў вынікі работы міністэрства за 2023 год і вызначыў прыярытэтныя напрамкі развіцця галіны на 2024 год, сярод якіх развіццё міжнародных культурных сувязей. Летась, як адзначыў міністр, найбольшая колькасць праектаў была рэалізавана з Расійскай Федэрацыяй, нарошчаны тэмпы супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Сярод іншых партнёраў былі названы краіны Азіі і Афрыкі: В’етнам, Кыргызстан, Лаос, М’янма, Тайланд, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея.
ЗНІШЧЭННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ
29 лютага ў рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіў пратакол пасяджэння Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Лукашэнкі. Ён датаваны снежнем 2023 года. Узначальваў пасяджэнне Рады яе старшыня — тагачасны кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка.
1 лютага стала вядома, што Беларусь і Расія дамовіліся аб стварэнні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і вышэйшых навучальных устаноў. Пра гэта паведаміў пасол Расіі ў Мінску Барыс Грызлоў. Ён растлумачыў, што «гэтая тэма вельмі важная, таму што да гэтага часу ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзей і ў гісторыі Савецкага Саюза, і ў гісторыі яшчэ Расійскай імперыі. (…) І цяпер мы дамовіліся аб тым, што мы будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжання».
САКРАЛІЗАЦЫЯ САВЕЦКАГА МІНУЛАГА І АНТЫЗАХОДНЯЯ РЫТОРЫКА
Антызаходняя рыторыка ў лютым традыцыйна праявіла сябе ў змаганні з англійскай мовай. Яшчэ ў студзені мінскі чыгуначны вакзал пазбавіўся ад англійскай мовы на інфармацыйных табло з дапамогай ізастужкі. На дзясятках табло не засталося ніводнага слова па-англійску. 19 лютага намеснік начальніка вакзала Андрэй Якабсон патлумачыў гэта тым, што: «чыгуначны вакзал не з’яўляецца турыстычнай славутасцю і выкарыстанне замежных моў для інфармавання грамадзян на ўказаным аб’екце не абавязковае».
ДЗЕЙНАСЦЬ РАСІЙСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Расійскія арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі («Рускі Дом у Гомелі», «Рускі Дом у Мінску», «Рускі Дом у Брэсце»), няспынна займаюцца прапагандай у гістарычнай сферы, усхваляюць савецкія каштоўнасці, паслядоўна ўкараняюць у Беларусі расійскую культуру і рускую мову праз мерапрыемствы, конкурсы, распаўсюджванне кніг, спрыяюць інтэграцыйным працэсам Беларусі і Расіі.
ПАСЛЯДОЎНАЯ РУСІФІКАЦЫЯ
За люты 2024 года Telegram-канал Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь размясціў 479 арыгінальных навін. Варта адзначыць, што 239 навінных паведамленняў (50%) былі прысвечаны тэме выбараў, якія праходзілі ў Беларусі 25 лютага.
Увесь агляд можна працытаць ці спампаваць па спасылцы.