Нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі. Агляд асноўных падзей і тэндэнцый за красавік 2024 года 

Нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі. Агляд асноўных падзей і тэндэнцый за красавік 2024 года
Фото: Unsplash

УСТУП

Дадзенае даследаванне ўяўляе сабой агляд асноўных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў сферы культуры і гістарыяграфіі цягам красавіка 2024 года і маюць дачыненне да фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

У красавіку былі выяўлены такія тэндэнцыі:

  • Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры афіцыйных беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца амаль цалкам манапалізаваным Расіяй на фоне татальнай адсутнасці супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы;
  • Працягваецца перапісванне гісторыі, барацьба з беларускімі гістарычнымі постацямі, непажаданымі для Расіі, і замена іх на расійскіх дзеячаў і дзеячаў савецкага перыяду;
  • У ідэалагічнай сферы адбываецца сакралізацыя савецкага мінулага шляхам шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны;
  • Расія, (пра)расійскія арганізацыі і актывісты не спыняюць сваю актыўнасць, праводзячы ў Беларусі экспансію расійскай культуры і рускай мовы і ствараючы падмурак для далейшай інтэграцыі;
  • Беларуская нацыянальная культура ўсё больш прывязваецца да расійскай.
  1. МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У красавіку 2024 года на Telegram-канале Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было змешчана 123 арыгінальныя навіны, якія тычацца міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры. Гэта нашмат болей, чым у студзені (26), лютым (28) і сакавіку (54).

Галоўным для Беларусі партнёрам у культурнай сферы па-ранейшаму застаецца Расійская Федэрацыя. У красавіку назіраўся значны рост расійска-беларускага супрацоўніцтва. Таксама шмат агульным мерапрыемстваў Беларусь мела з Азербайджанам. Гэта тлумачыцца тым, што ў красавіку праводзіліся Дні культуры Беларусі ў Азербайджане. Што тычыцца супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы, то цягам месяца такіх выпадкаў зноў не было зафіксавана.

Расійская Федэрацыя

2 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве з Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б. М. Ельцына ў Санкт-Пецярбургу, а таксама адкрыццё пункта аддаленага доступу да электроннай чытальнай залы бібліятэкі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, генеральны дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б. М. Ельцына Юрый Носаў, прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, «Россупрацоўніцтва», Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў г. Мінску. «Открытие в Национальной библиотеке точки удаленного доступа к ресурсам Президентской библиотеки позволит расширить сотрудничество в научной, образовательной и культурной сферах».

17 красавіка ў Міністэрстве культуры РБ прайшло пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы XI Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Разглядалася канцэпцыя гала-канцэрта майстроў мастацтваў, правядзенне якога запланавана на пляцоўцы Летняга амфітэатра ў Віцебску. У аснове сюжэту«переплетение историй белорусского и русского народов, традиции, наследие и достояние культур».

19 красавіка ў рамках прэзентацыі культурнага патэнцыялу рэгіёну «Магілёўшчына культурная, Магілёўшчына фестывальная» ў беларускім павільёне на ВДНХ у Маскве адбылося падпісанне «дарожнай карты» па супрацоўніцтве ў сферы культуры паміж Магілёўскай вобласцю Рэспублікі Беларусь і Бранскай вобласцю Расійскай Федэрацыі.

22 красавіка Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі наведалі Міністр культуры Архангельскай вобласці Аксана Святлова і начальніца аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вікторыя Ратабыльская. Бакі абмеркавалі магчымасці ўзаемадзеяння ў сферы культурнай, адукацыйнай і навуковай дзейнасці, умовы падпісання дагавораў аб супрацоўніцтве і пытанні развіцця культурных сувязей паміж Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і ўстановамі адукацыі ў сферы культуры Архангельскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

23 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар «Найлепшыя бібліятэчныя практыкі работы з моладдзю». Мерапрыемства падрыхтавана Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй сумесна з Расійскай бібліятэчнай асацыяцыяй. У семінары прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Бабук, дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка, дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі для моладзі, член праўлення і старшыня Секцыі па бібліятэчным абслугоўванні моладзі Расійскай бібліятэчнай асацыяцыі Ірына Міхнова і іншыя.

24 красавіка Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведала міністр культуры Камчацкага краю Аксана Пракапенка. У рамках сустрэчы з намеснікам генеральнага дырэктара Віктарам Пшыбыткам прайшло абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва і ўмацавання культурных сувязей паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і бібліятэкамі Камчацкага края Расійскай Федэрацыі.

26 красавіка стартавалі Дні Гомельскай вобласці на ВДНХ у Маскве.

Азербайджан

З 1 па 3 красавіка прайшлі Дні культуры Беларусі ў Азербайджане.

  • У Баку разглядалася пытанне ўзаемадзеяння з Азербайджанам у галіне кінаіндустрыі. У сувязі з гэтым прайшлі перамовы паміж кінастудыяй «Беларусьфільм» і азербайджанскім бокам, а ў далейшым будзе падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Гендырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юры Аляксей: «Предложили коллегам организовать Дни азербайджанского кино у нас в Минске. Провести на нашей студии переговоры, питчинги для совместного производства фильмов».
  • 2 красавіка прайшла сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча з міністрам культуры Азербайджанскай Рэспублікі Керымлі Адзіл Габіл аглу.
  • 2 красавіка ў Азербайджанскім нацыянальным музеі мастацтваў адкрылі выставу беларускіх мастакоў. На адкрыцці беларускай выставы ў Баку выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Азербайджана Шырын Малікава, старшыня Саюза мастакоў Азербайджана Фархад Халілаў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Ганна Конанава. Усе выступоўцы сышліся на думцы, што Дні культуры адкрываюць новыя гарызонты супрацоўніцтва. Таксама ў рамках Дзён культуры было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным мастацкім музеем Азербайджана і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
  • 3 красавіка члены беларускай дэлегацыі прынялі ўдзел у пасяджэнні круглага стала, якое прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы Азербайджана імя М. Ф. Ахундзадэ. У ходзе размовы была падкрэслена важнасць далейшага паглыблення супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Азербайджана і Беларусі, у музейнай справе, кіно, тэатры і іншых сферах культуры.

30 красавіка Азербайджанскі Нацыянальны Музей Мастацтваў і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве. Музеі замацавалі свае намеры ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў напрамках выставачнай, рэстаўрацыйнай і музейна-педагагічнай дзейнасці. 

КНР

3 красавіка было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэтам (г. Шанхай). Дырэктар музея Сяргей Іванавіч Усік і рэктар універсітэта акадэмік Цянь Сюйхун дамовіліся аб супрацоўніцтве бакоў у галіне культуры, навукі і адукацыі.  Асноўнымі кірункамі супрацоўніцтва абраны: рэалізацыя праграм і праектаў па захаванні, вывучэнні і папулярызацыі гісторыка-культурнай і літаратурнай спадчыны Беларусі і Кітая; правядзенне сумесных навуковых канферэнцый, семінараў, выстаў; арганізацыя для студэнтаў ВКПУ экскурсій, лекцый і іншых культурна-адукацыйных мерапрыемстваў. Паводле слоў дырэктара музея Сяргея Усіка, восенню ў Кітаі плануюць прадставіць выставачны праект «Пісьменнікі-франтавікі», а далей супрацоўнічаць у справе перакладу на кітайскую мову тэкстаў экскурсій па экспазіцыях.

23 красавіка Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведала дэлегацыя з Кітая. Для гасцей з Пекінскага ўніверсітэта была праведзена экскурсія. Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін адзначыў значнасць такіх візітаў ва ўмацаванні сяброўскіх адносін паміж краінамі.

24 красавіка Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь наведалі прадстаўнікі дзелавой місіі з Ганконга (КНР): кіраўнікі Ганконгскай Асацыяцыі па садзейнічанні эканамічнаму супрацоўніцтву, ганаровы консул, прэзідэнты буйных фінансавых, інвестыцыйных і лагістычных кампаній.

З 15 па 19 красавіка ў Магілёве прайшоў VIII Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства». Удзел у форуме прынялі вучоныя і спецыялісты па вывучэнні фальклору і традыцыйнай культуры з 8 краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Кітая, Кыргызстана.

  1. ЗНІШЧЭННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ

  • Дзяржаўная манаполія на гісторыю Беларусі

Увага дзяржавы да нацыянальнай гістарыяграфіі цягам апошніх месяцаў узмацнілася. Узмацніліся таксама і спробы перапісаць гісторыю, у тым ліку пры ўдзеле расійскага боку.

3 красавіка «Еўрарадыё» звярнула ўвагу на сайт «Рувікі» — «Вікіпедыю», скапіяваную і выпраўленую на замову Крамля, — а менавіта на тое, як у «рускай Вікіпедыі» перапісваюць мінулае і сучаснасць Беларусі. «Еўрарадыё» прагледзела некалькі дзясяткаў артыкулаў «Рувікі», прысвечаных культуры, гісторыі і беларускім палітычным дзеячам. Адны з іх амаль ніяк не кранутыя, іншыя сур’ёзна парэзаныя ў параўнанні з арыгіналамі з «Вікіпедыі». Ці ўвогуле выдаленыя з расійскай версіі рэчаіснасці. Пакуль што аўтараў «Рувікі» не вельмі цікавіць мінулае Беларусі — папросту яшчэ не дайшлі рукі. Куды больш прапагандыстаў турбуе сучасная беларуская палітыка і ўдзел Беларусі ў вайне з Украінай. З артыкула пра Аляксандра Лукашэнку прыбраныя амаль усе згадкі пра забойствы яго палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года, фальсіфікацыі выбараў. Мала інфармацыі ў «Рувікі» засталося і пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць супраць Расіі. Вялікі артыкул пра полк імя Кастуся Каліноўскага, які ўжо быў у «Вікіпедыі» на момант яе капіявання, у «Рувікі» адсутнічае. Медыяэкспертка і даследчыца прапаганды Ірына Сідорская: «Гэта відавочна ідэалагічны і прапагандысцкі рэсурс. Там усё зроблена менавіта з пункту гледжання Расіі. А сённяшні расійскі падыход пазіцыянуецца як адзіны правільны, адзіны навуковы і адзіны, які мае права на існаванне».

9 красавіка міністр адукацыі Андрэй Іванец абмеркаваў з начальнікамі ўпраўленняў адукацыі Мінскай вобласці новыя падручнікі гісторыі. Дапаможнік для 10-га класа ўжо практычна гатовы, ён праходзіць тэставанне ў 14-ці школах краіны. Чыноўнікі таксама закранулі падручнік для 11-га класа, які будзе тэставацца ў наступным годзе. Іванец анансаваў некалькі магістральных тэм. Так, па словах Іванца, у дапаможніку павінны будуць адлюстраваць пратэсты 2020 года, рэферэндум 2022-га, а таксама наступныя выбары. Прычым чыноўнік лічыць, што на гэтыя тэмы неабходна адвесці цэлы раздзел, а не пару старонак, для таго, каб «школьнікі разумелі: гісторыя творыцца тут і цяпер». З якіх пазіцый аўтары новага падручніка будуць распавядаць пра падзеі 2020 года, здагадацца няцяжка. Улады ўжо выкарыстоўваюць тэму пратэстаў у прапагандзе ў школе. Так, фатаграфіі з пратэстаў уключаныя ў падручнікі па новым факультатыве «Генацыд беларускага народа». Аўтары дапаможніка праводзяць прамыя антыгістарычныя паралелі паміж калабарацыяністамі часоў Другой сусветнай вайны і пратэстоўцамі з нацыянальнымі сцягамі супраць гвалту і фальсіфікацый у 2020-м. Нацыянальная сімволіка ў гэтых падручніках называецца «нацысцкай».

20 красавіка прапагандыст Рыгор Азаронак выказаў жаданне больш эфірнага часу прысвячаць гістарычнай прапагандзе: «Как ведущий ежедневного стрима всегда готов посвящать эфиры нашей истории, дискутировать, ибо сам ищу для себя ответы на многие вопросы. В России ренессанс истории идёт со времён проекта “Имя России”. (…) А мы что? Чем мы хуже? Правда ж за нами». Дэпутат Вадзім Гігін адказаў яму: «К дискуссиям готов. По поводу интереса к истории — согласен полностью». Але абмяркоўваць гісторыю Беларусі без удзелу расійскага боку апошнім часам не атрымоўваецца. Да гутаркі далучыўся дырэктар расійскага фонду «Историческая память» Аляксандр Дзюкаў: «Отличная идея, готов участвовать». Вадзім Гігін: «Наш исторический фронт ширится. К нам присоединяется Александр Решидеович Дюков — гроза прибалтийских неонацистов, украинских бандеровцев и бчбэшников. Готовим широкое историческое наступление!».

29 красавіка на базе Мінскага гарадскога палаца культуры прайшло першае пасяджэнне пастаянна дзеючага семінара для выкладчыкаў гісторыі ўстаноў адукацыі г. Мінска «Справядлівая гісторыя». Ініцыятары: Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч заявіў: «Мы будем рассматривать во время семинара исторические темы, исторические события, исторических личностей, наиболее подвергающихся фальсификации со стороны западных идеологов и историков. Для того, чтобы завладеть страной — достаточно захватить умы людей. Как это произошло в Украине, Прибалтике, Польше. К этому же толкают и нас. Естественно, мы не можем этого допустить. А для этого нужно установить плотный контакт с нашим учительским сообществом, преподавателями исторического профиля и эти темы разбирать, чтобы наша молодежь получала самую достоверную информацию, ценила свою историю».

У апошні час у Беларусі праводзяцца маштабныя кампаніі па зносе гістарычных будынкаў, што на сёння не выкарыстоўваюцца.

4 красавіка стала вядома, што ў мінскай Лошыцы разабралі палову бровара XIX стагоддзя. І гэта, відаць, яшчэ не канец «працаў» на гэтым будынку, які ўваходзіць у комплекс сядзібы Прушынскіх і Любанскіх. Размовы пра рэканструкцыю бровара пачаліся ў 2017 годзе. У будынак хацелі перанесці ЗАГС Ленінскага раёна.

4 красавіка стала вядома, што ў Салігорску на школе № 2 знішчылі вітраж з беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам. Цяпер на ягоным месцы — проста белы шклопакет.

15 красавіка стала вядома, што помнік драўлянага дойлідства ў Магілёве (драўляны дом на вуліцы Яцына №13) знясуць з-за ўзвядзення новых будынкаў. Дом з’яўляецца ўзорам дарэвалюцыйнага драўлянага дойлідства. Адна з яго характэрных рыс — упрыгожаныя разьбянымі элементамі франтоны. Інфармацыя аб планах гарадскіх уладаў па яго зносе абмяркоўвалася даўно. Мясцовыя жыхары каля года таму нават пісалі петыцыю, каб захаваць драўляны будынак.

Тым часам у вёсцы Аздамічы Столінскага раёна на драўляную Свята-Траецкую царкву 1893 года пабудовы паставілі пазалочаны купал у форме «цыбуліны», якая ўласціва рускім цэрквам.

  • Беларускі нацыянальны Алімп

У гэтым месяцы працягвалася барацьба з беларускімі нацыянальнымі героямі, якія не адпавядаюць інтарэсам Расіі, і, адначасова, засяленне беларускага Алімпу постацямі з савецкага перыяду гісторыі.

5 красавіка дэпутат Вадзім Гігін анансаваў перайменаванне вуліцы Каліноўскага ў Мінску. Ён заявіў, што яму нібыта паступае ўсё больш зваротаў грамадзян з гэтай нагоды, і ён упэўнены, што вуліцу пераймянуюць. Мясцоваму скверу іншую назву ўжо прыдумалі. Сквер, які знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Каліноўскага, назвалі «Яблыневым». Са слоў Гігіна, гэта зрабілі для таго, каб адысці ад народнай назвы «Сквер на Каліноўскага»: «Все меньше в белорусской топонимике мест, связанных с именем этого польского революционера-террориста». Ужо ў канцы красавіка беларускія прапагандысты і прарасійскія актывісты актыўна абмяркоўвалі, як пераназваць вуліцу Каліноўскага ў Мінску. Рыгор Азаронак: «В Одессе переименовали улицу Белорусскую в улицу Кастуся Калиновского. Пришло время симметричных шагов». Вадзім Гігін: «Поддерживаю инициативу Григория Юрьевича! А вот по поводу симметричного шага… Нет, мы не будем переименовывать улицу Калиновского в Белорусскую. Такая уже есть. Над названием думаем. Полагаю, надо будет широко привлечь общественность». Вольга Бондарава: «Сограждане, товарищ Гигин выступил с рациональным предложением: широко привлечь общественность, чтобы подобрать для улицы, названной именем повешенного польского террориста, новое наименование. Какие будут предложения, товарищи? Пишите в комментариях. Мне по душе имя Дмитрия Федосюка. Или Иосифа Филидовича, белорусского Ивана Сусанина. Или Льва Щербы, белоруского лингвиста. Александра Невского. Александра Сержпутовского, белорусского этнографа и фольклориста, родом из д. Белевичи Минской губернии». Пазней Бондарава прапанавала пераназваць вуліцу Каліноўскага імем яго забойцы — генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Міхаіла Мураўёва (Вешальніка): «В противовес к террористу Калиновскому логично имянаречение улицы именем его победителя и спасителя народа и земель края от польского навала!».

5 красавіка беларускі прапагандыст і дэпутат Вадзім Гігін падтрымаў ідэю з’яўлення коннага помніка маршалу Канстанціну Ракасоўскаму ў Мінску. Але прапанаваў не абмяжоўвацца толькі ім. Гігін унёс сваю прапанову: увекавечыць на тэрыторыі Беларусі ўсіх камандуючых франтамі ў аперацыі «Баграціён». Ён таксама нагадаў, што ў Мінску так і не паставілі помнік Сяргею Прытыцкаму. Незадаволены ён і тым, што «наша мастацкая грамадскасць да гэтага часу не можа “нарадзіць” годнага помніка народнаму адзінству, хаця рашэнне прынятае ўжо больш за два гады таму».

20 красавіка Гомельскі завод ліцця і нармаляў (ЗЛіН) пахваліўся ў сваім тэлеграм-канале, што ў час рэспубліканскага суботніка працаўнікоў прадпрыемства да бясплатнай працы і «правільнага шляху» заклікалі людзі, пераапранутыя ў вобразы Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна. На відэа бачна, як мужчына, пераапрануты ва Уладзіміра Леніна, у кампаніі дзвюх жанчын раз’язджае па горадзе і тэрыторыі завода на савецкай палутарцы. На дрэўку побач з імі развіваецца сцяг СССР. Перыядычна да кампаніі далучаецца яшчэ адзін мужчына, пераапрануты ў Іосіфа Сталіна. «Добры дзень, таварышы! Віншую з рэспубліканскім суботнікам! Мы будзем ісці верным шляхам, таварышы, навядзем парадак на сваіх працоўных месцах, на замацаваных тэрыторыях! Працы, таварышы, ура!» — эмацыйна заклікаў рабочых «Ленін».

20 красавіка стала вядома, што новую вуліцу ў Брэсце вырашылі назваць у гонар савецкага разведчыка Пятра Івашуціна. У 1961 годзе Івашуцін быў выконваючым абавязкі старшыні КДБ СССР, а затым амаль чвэрць стагоддзя ўзначальваў ГРУ. Тым часам у Мар’інай Горцы з’явіцца вуліца Мікалая Клімовіча. Мікалай Клімовіч — участковы, які загінуў у студзені 1947 года ў перастрэлцы пры спробе затрымаць злачынцаў.

24 красавіка стала вядома, што са сцяны Новага замка ў Гродне знікла драўляная мемарыяльная шыльда, прысвечаная перабыванню ў Гродне нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі. Размяшчалася яна злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была ўсталяваная ў 1994 годзе. Са сцяны замка яе знялі ў сярэдзіне красавіка. Шыльда прысвячалася падзеям паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і сам Касцюшка. 30 кастрычніка 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага. Супраць памяці Касцюшкі актыўна ваюе прарасійская актывістка Вольга Бондарава з Гродна. Улетку 2023-га яна папрасіла Гродзенскі гарвыканкам прыбраць са спісу знакавых для горада людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Гродна імя Кастуся Каліноўскага, а потым — і Тадэвуша Касцюшку. Першага яна назвала «польскім тэрарыстам», другога — «змагаром за Польшчу супраць Расіі». Абедзве згадкі зніклі з сайта ЦБС праз пару дзён.

  1. ДЗЕЙНАСЦЬ РАСІЙСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Расійскія арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі («Рускі Дом у Гомелі», «Рускі Дом у Мінску», «Рускі Дом у Брэсце», «Рускі Дом у Гродне»), няспынна займаюцца прапагандай у гістарычнай сферы, усхваляюць савецкія каштоўнасці, спрыяюць інтэграцыйным працэсам Беларусі і Расіі, паслядоўна ўкараняюць у Беларусі расійскую культуру і рускую мову праз мерапрыемствы, конкурсы, распаўсюджванне кніг. Як гаворыцца ў паведамленні на тг-старонцы «Рускага Дома ў Брэсце», «популяризация русской литературы и передача книг в дар школам и библиотекам — одно из основных направлений деятельности “Россотрудничества”».

2 красавіка афіцыйна адкрыўся «Рускі Дом у Гродне». У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел саветнік-пасланнік Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Ваньке, кіраўнік «Россупрацоўніцтва» Яўген Прымакоў, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віталь Невера. Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў: «Открывая в День единения народов России и Беларуси Российский центр науки и культуры в Гродно, мы способствуем расширению многовековых связей между нашими братскими народами, в основе которых лежат общие корни, история, культура и русский язык, имеющий в республике статус государственного». Кіраўнік «Россупрацоўніцтва» Яўген Прымакоў: «Мы настолько едины, что разделить нас невозможно, потому что между нашими сердцами нет границы. Мы братья и сестры, мы связаны одной большой, общей невероятной исторической судьбой».

У пачатку месяца расійскія арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, правялі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню яднання народаў Расіі і Беларусі, які адзначаецца 2 красавіка:

  • У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся тэлемост «Мінск-Перм». Дадаткам святочных мерапрыемстваў у бібліятэцы паслужыла адкрыццё фотавыставы Рускага геаграфічнага таварыства «Самая красивая страна» пры падтрымцы «Рускага Дома ў Мінску».
  • У Цэнтральнай бібліятэцы ім. Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурна-музычнага фестывалю «Русь и Белая Русь — едины!», у якім прынялі ўдзел пісьменнікі, салісты Ліпецкай абласной філармоніі, а таксама народныя творчыя калектывы Саюзнай дзяржавы. Маштабны праект, які рэалізуецца некамерцыйнай арганізацыяй «Со-общество» пры падтрымцы Прэзідэнцкага фонду культурных ініцыятыў і «Рускага Дома ў Мінску», быў прымеркаваны да Дня яднання народаў Расіі і Беларусі. Пасля Мінска ўдзельнікі форуму перамясціліся ў беларускія Асіповічы і Нясвіж, дзе таксама прайшлі літаратурна-музычныя вечарыны.
  • На працягу двух тыдняў 18 школьных каманд пры падтрымцы «Рускага Дома ў Мінску» вывучалі аб’екты культурнай спадчыны горада Магілёва, звязаныя з адзіным гістарычным мінулым Расіі і Беларусі. На заключным этапе конкурсу ўдзельнікам было прапанавана праверыць свае веды ў пазнавальнай віктарыне «Общее наследие — общее будущее».
  • Пад дэвізам «Мы — адзіны народ!» у Наваполацку пры арганізацыйнай падтрымцы «Рускага Дома ў Мінску» адбыўся гарадскі фестываль-конкурс дзіцячых малюнкаў на асфальце «Мы вместе».
  • У «Рускім Доме ў Брэсце» адкрылася мастацкая выстава «Под небом единым».
  • У навучальных установах Брэстчыны прайшлі флэш-мобы і дыялогавыя пляцоўкі на тэмы звязаныя з сяброўствам двух народаў. У гэтых мерапрыемствах актыўна ўдзельнічалі і члены Асацыяцыі настаўнікаў Брэсцкага аддзялення РГА «Рускае таварыства».
  • У Гомелі прайшоў аўтапрабег. Каля 50 аўтамабіляў праехалі па вуліцах горада. Завяршальнай кропкай дадзенага маршруту стаў «Рускі Дом у Гомелі».
  • У Гомелі прайшоў Вечар рускай культуры. Мерапрыемства было арганізавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў рамках праекта «Вечера национальных культур в ГЦК». У госці да гамяльчан прыехалі калектывы бранскага рэгіёна. «Соприкоснуться с красотой русской души» таксама дазволілі выставы карцін, рамесных вырабаў і кніг, якія былі размешчаны ў холе Гарадскога цэнтра культуры. З Днём яднання народаў Беларусі і Расіі ўсіх прысутных павіншавала кіраўніца «Рускага Дома ў Гомелі» Вольга Бараненка.
  • У Гомельскай абласной бібліятэцы ім. Леніна адкрылася перасоўная выстава «Театральная память народа. Белорусская драматургия: Минск — Москва. По архивам РГБИ». «Экспозиция иллюстрирует богатую историю творческих контактов двух братских славянских народов, имеющих общие корни и близкие пути развития культуры».
  • У Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы адбыўся ўрачысты канцэрт «Две сестры — Беларусь и Россия», арганізаваны пры падтрымцы Генеральнага консульства Расіі ў Гродне, «Рускіх Дамоў» у Гродне і Брэсце, а таксама Гродзенскага аддзялення РГА «Рускае таварыства».
  • Прапаганда ў гістарычнай сферы, навязванне расійскай культуры.

2 красавіка ў РАСІЗА адкрылася выстава «Бессмертие подвига. К 80-летию освобождения Республики Беларусь от немецко-фашистских захватчиков». Сумесны праект музейна-выставачнага цэнтра РАСІЗА і Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» аднавіў «одну из самых ярких героических страниц общей истории братских народов, связанных едиными культурными и духовными ценностями».

2 красавіка ў Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэцы «Рускі Дом у Мінску» прадставіў тэматычную экспазіцыю «Русский Леонардо да Винчи» — да 190-годдзя з дня нараджэння рускага вучонага Дзмітрыя Мендзялеева. Мерапрыемства наведалі навучэнцы Салігорскага дзяржаўнага каледжа, якія паглядзелі фільм пра жыццё вучонага, а таксама прынялі ўдзел у інтэлектуальным турніры «Знатоки Менделеева».

3 красавіка дзіцячы вакальны ансамбль «Невский» для гасцей «Рускага Дома ў Мінску» прадставіў канцэртную праграму ваенна-патрыятычнай песні. Мерапрыемства, прымеркаванае да 80-годдзя зняцця блакады Ленінграда і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, арганізавана Беларускім грамадскім аб’яднаннем «Русь».

4 красавіка ў Габеленавай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа ім. М. І. Глінкі пры падтрымцы «Рускага Дома ў Мінску» адкрылася планшэтная фотавыстава «Сергей Рахманинов. Я — русский композитор» — да 150-годдзя з дня нараджэння рускага піяніста і дырыжора Сяргея Рахманінава.

4 красавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пры падтрымцы «Рускага Дома ў Мінску» адбылося адкрыццё выставачнага праекта «Первые…», прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння Юрыя Гагарына.

5 красавіка ў зале «Дома Масквы ў Мінску» адбыўся фінальны гала-канцэрт конкурсу бардаўскай песні «Мы вращаем землю…», прысвечанага творчасці Уладзіміра Высоцкага.

9-10 красавіка ў «Рускім Доме ў Мінску» адбыліся серыя майстар-класаў і сольны канцэрт расійскага піяніста Аляксея Набіуліна. Мерапрыемства наведалі навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі, гімназіі-каледжа мастацтваў ім. І. Ахрэмчыка і Дзяржаўнага музычнага каледжа ім. М. Глінкі.

16 красавіка ў «Рускім Доме ў Гродне» адбыўся круглы стол з удзелам Генеральнага консула Расіі ў Гродне Феадосія Уладышэўскага, прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Гродзенскага рэгіёну і Галоўнага ўпраўлення ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама. Падчас мерапрыемства былі закрануты пытанні ўзаемадзеяння Міжэтнічнага Савета Гродзенскай вобласці і Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гродне, удзелу прадстаўнікоў дыяспар і членаў іх сем’яў у акцыі «Бяссмертны полк», а таксама падрыхтоўкі да XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў Гродне ў чэрвені.

17 красавіка ў «Рускім Доме ў Гомелі» прайшла сустрэча з удзельнікамі праграмы «Здравствуй, Россия!». У рамках дадзенага праекту падлеткі наведваюць асноўныя культурныя, прыродныя славутасці рэгіёнаў Расіі, вышэйшыя навучальныя ўстановы і аб’екты прамысловасці, знаёмяцца з жыццём сучаснага расійскага грамадства, «погружаются в многонациональную культуру страны и находят новых друзей».

19 красавіка на пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа ім. М. І. Глінкі да 220-гадовага юбілею заснавальніка рускай класічнай музыкі стартаваў заключны этап I Міжнароднага конкурсу выканальніцкага мастацтва імя Міхаіла Іванавіча Глінкі.

19 красавіка ў Авальнай зале Новага замка ў Гродне адбылося адкрыццё выставы ў рамках міжнароднага выставачнага праекта «Пакт Рериха — мир через культуру», арганізаванага ў 2012 годзе Міжнародным Цэнтрам Рэрыхаў. Суарганізатар выставы — Прадстаўніцтва «Россупрацоўніцтва» ў Рэспубліцы Беларусь. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены банеры і планшэты з тэкставым і ілюстрацыйным матэрыялам аб жыцці і дзейнасці Мікалая Рэрыха, а таксама 14 рэпрадукцый карцін мастака, надрукаваных на палатне.

22 красавіка ў зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў пры падтрымцы «Рускага Дома ў Мінску» адбыўся монаспектакль Міхаіла Прыглядава «Пой, моя девочка!», прысвечаны 135-годдзю рускага спевака, акцёра, пісьменніка Аляксандра Вярцінскага.

26 красавіка на Паклоннай гары ў Маскве ў Музеі Перамогі прайшоў «Диктант Победы». Традыцыйна ўзяць удзел у акцыі можна было не толькі ў Расіі, але і за мяжой. Каля 250 пляцовак адкрыліся па ўсім свеце, 10 з іх — у Беларусі. З «Рускага Дома ў Мінску» да міжнароднай трансляцыі тэсціравання далучыліся выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і навучэнцы сталічнай Гімназіі №50.

  • Падтрымка і прасоўванне рускай мовы і літаратуры

У красавіку стала вядома, што Асацыяцыя саюзаў пісьменнікаў і выдаўцоў Расіі (АСПИР) сёлета плануе рэалізаваць уласны міжнародны праект па папаўненні фондаў замежных бібліятэк творамі расійскіх аўтараў. За мяжу плануецца адправіць 10 тысяч кніг, сярод якіх творы сучаснай расійскай мастацкай і дакументальнай прозы, класічнай рускай літаратуры, лепшыя ўзоры савецкай прозы, кнігі для дзяцей і падлеткаў, зборнікі класічнай паэзіі, вучэбная літаратура па рускай мове як замежнай, а таксама дапаможнікі па лінгвістыцы і мовазнаўстве, слоўнікі. Літаратуру паставяць у тым ліку ў Беларусь. Першыя кнігі плануюць адправіць ужо ў маі 2024 года. Выданні будуць перададзены ў дар у фонды бібліятэк «Рускіх Дамоў», Нацыянальных бібліятэк, універсітэтаў, рускамоўных школ, арганізацый, якія аб’ядноўваюць выкладчыкаў рускай мовы за мяжой.

3 красавіка ў навукова-адукацыйным цэнтры русістыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова для студэнтаў ВНУ расчыніла свае дзверы літаратурная гасцёўня «Поучительный мир басен», прысвечаная 255-годдзю з дня нараджэння рускага пісьменніка Івана Крылова.

9 красавіка ў «Рускім Доме ў Брэсце» прайшоў конкурс чытальнікаў да 100-годдзя з дня нараджэння савецкіх пісьменнікаў-франтавікоў Юліі Друнінай, Булата Акуджавы і Барыса Васільева. Школьнікі з Брэста і Брэсцкага раёна на памяць чыталі ўрыўкі з вядомых твораў аб Вялікай Айчыннай вайне («В списках не значился», «А зори здесь тихие», «Офицеры» Барыса Васільева, а таксама вершы Булата Акуджавы і Юліі Друнінай).

15 красавіка стала вядома, што каля ста тамоў метадычнай, навучальнай і мастацкай літаратуры ад «Рускага Дома ў Брэсце» адправілася ў аграгарадок Першамайскі Бярозаўскага раёна («И такая работа у нас кипит постоянно!»).

17 красавіка «Рускі Дом у Гомелі» сумесна з цэнтральнай гарадской бібліятэкай ім. А. І. Герцэна правялі вечар-партрэт класіка рускай літаратуры Мікалая Гогаля. Навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа прынялі ўдзел у літаратурнай віктарыне. Прадстаўнікі «Рускага Дома ў Гомелі» ўзнагародзілі пераможцаў памятнымі прызамі — кнігамі.

20 красавіка на філалагічным факультэце ГДУ ім. Ф. Скарыны пры падтрымцы «Рускага Дома ў Гомелі» стартаваў Тыдзень рускай мовы — інтэлектуальныя і творчыя выпрабаванні для студэнтаў і навучэнцаў гомельскіх школ. Кіраўніца «Рускага Дома ў Гомелі» Вольга Бараненка ўручыла пераможцам конкурсаў падарункі — кнігі.

23 красавіка ў Пасольстве Расіі ў Мінску прайшла культурна-асветніцкая акцыя для школьнікаў, прымеркаваная да 225-годдзя з дня нараджэння рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. У якасці памятнага падарунка юным удзельнікам сустрэчы быў уручаны зборнік твораў Пушкіна «Стихи, написанные в Михайловском».

24 красавіка кіраўніца «Рускага Дома ў Брэсце» Юлія Семянчанка перадала Астрамечаўскай бібліятэцы ім. Ф. Паўленкава (Брэсцкі раён) больш за 200 новых выданняў рускай класікі і дзіцячай літаратуры. У ходзе рабочай сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб далейшым супрацоўніцтве. У прыватнасці, аб арганізацыі выставачных праектаў пры падтрымцы «Рускага Дома ў Брэсце», прысвечаных агульнай гісторыі Беларусі і Расіі.

25 красавіка «Рускі Дом у Мінску» запрасіў да ўдзелу ў маладзёжным праекце «Пушкинские чтения — 2024». Аматарам творчасці рускага паэта ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў прапануецца паўдзельнічаць у міжнародным анлайн-конкурсе чытальнікаў «Читаем Пушкина. Беларусь. 2024» і міжнароднай анлайн-віктарыне «Наш Пушкин».

  1. ПАСЛЯДОЎНАЯ РУСІФІКАЦЫЯ

За красавік 2024 года Telegram-канал Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь размясціў 365 арыгінальных навін.

Калі звярнуць увагу на мову паведамленняў, аналіз Telegram-канала Міністэрства культуры за красавік 2024 года выявіў, што моўная палітыка канала засталася нязменнай у параўнанні з папярэднімі месяцамі. Таксама назіраецца памяншэнне колькасці беларускамоўных тэкстаў.

21 красавіка прарасійская актывістка Вольга Бондарава чарговы раз абурылася адсутнасцю рускай мовы на гарадскіх інфармацыйных шыльдах: «Уж коль у нас с Россией взаимные турпотоки выросли за год в 1,5 раза, то почему на новых информационных табличках столицы по старой «доброй» наци-традиции отсутствует государственный русский язык?». Тым часам Бондарава таксама паведаміла, што «ходят настойчивые слухи, распускаемые уважаемыми людьми, что в скором времени в Гродно информационные таблички будут исполнены на обоих государственных языках». 

  1. ПРАЦЭСЫ ФАРМАВАННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ Ў РОЗНЫХ СФЕРАХ КУЛЬТУРЫ

  • Нацыянальная кінаіндустрыя

5 красавіка ў Брэсце адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзён «Масфільма». Для ўдзелу ў Днях «Масфільма» прыбыла расійская актрыса і тэлевядучая Марыя Шукшына. «Встретили заслуженную артистку на железнодорожном вокзале “Брест” с хлебом-солью».

9 красавіка стала вядома, што заснавальнік кінастудыі «Ваенфільм», рэжысёр Ігар Угольнікаў у жніўні пачне здымкі фільма пра партызанскі рух у Беларусі, праца над сцэнарам ужо завершаная. Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» і расійская студыя «Ваенфільм» падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў лістападзе 2023 года. «Ваенфільм» — расійская кінастудыя, заснаваная ў 2017 годзе. За шэсць гадоў выпусціла дзевяць поўнаметражных фільмаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, супрацоўнікам спецслужбаў, вайне на Данбасе.

16 красавіка ў сталічным кінатэатры «Беларусь» адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная прэм’еры кінастудыі «Беларусьфільм» — ваенна-гістарычнай драме «Час вярнуцца». Спікерамі выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, генеральны дырэктар кінастудыі Юрый Аляксей, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў, генеральны дырэктар сталічнага кінапракату Уладзімір Карачэўскі і стваральнікі фільма.

23 красавіка ў Новасібірску стартаваў фестываль «Дні беларускага кіно». На пляцоўцы «Цэнтр культуры і адпачынку “Победа”» прайшлі перамовы аб супрацоўніцтве ў сферы кіно намесніка начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Крысціны Мельнікавай з намеснікам Міністра культуры Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Дзеевым.

  • Беларуская літаратура

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу. Гаворка пра кнігу «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхора. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска яшчэ 28 сакавіка. У 2021 годзе Мінкульт загадаў канфіскаваць з бібліятэк гэтую кнігу. Тады ведамства аргументавала гэта тым, што ў ёй «утрымліваецца недакладная інфармацыя, якая змяшчае элементы прапаганды антыдзяржаўнай накіраванасці». Таксама спіс экстрэмісцкіх выданняў папоўніла кніга «Недозволенная память: Западная Беларусь в документах и фактах: 1921-1954» Аляксандра Татаранкі.

3 красавіка ў інтэлектуальным дыялогу на хвалі канала «Культура» дэпутат і прапагандыст Вадзім Гігін выказаў свой погляд на вядомых беларускіх пісьменнікаў. Да Ларысы Геніюш у Гігіна такая прэтэнзія: яна не жадала перамогі Чырвонай Арміі: «І мы павінны будзем нашым людзям сказаць: вось у нас была такая паэтэса? Будзем яе вершы чытаць? Яна прыгожа пра прыроду беларускую пісала. Гэта дзіўна». Другая прэтэнзія ў Гігіна да верша Геніюш «Партызаны»: «Ты сядзела ў абозе, працавала на немцаў. Так, ты нікога не забіла, нікому не здрадзіла, але тым не менш. Што піша Геніюш у гэтым вершы? Ён вельмі яскравы. Піша, што птушка ратуе сваё птушаня, кожны стараецца выратаваць, а партызаны не. Ім бы масток узарваць, рэйку, медаль атрымаць. Вось вы такія бесчалавечныя, піша Геніюш. Ну як мы можам рэабілітаваць такую дзейнасць? Зразумела, што не можам». Што да Васіля Быкава, Гігін згадаў, што перад 100-годдзем з дня народзінаў пісьменніка вядзецца шмат дыскусій і ён не ведае, які курс абярэ Адміністрацыя Лукашэнкі і Міністэрства культуры.

11 красавіка падчас прэзентацыі Магілёўскай вобласці на ВДНХ у Маскве Саюзы пісьменнікаў Беларусі і Расіі заснавалі літаратурную прэмію «Буйничское поле». Штогадовая прэмія заклікана падтрымаць літаратурны працэс у Саюзнай дзяржаве і заахвочваць беларускіх і расійскіх літаратараў, якія працуюць у жанрах паэзіі, прозы і драматургіі.

17 красавіка стала вядома, што ў Беларусі зліквідавалі дзяржаўныя выдавецтвы «Вышэйшая школа» і «Народная асвета». «Вышэйшая школа» — адно з найбуйнейшых выдавецтваў у Беларусі, заснаванае ў 1961 годзе. Выдавецтва выпускала навучальныя, даведачныя, вытворча-практычныя, навуковыя, навукова-папулярныя кнігі. Выдавецтва «Народная асвета» было створанае ў 1951 годзе. Яно выдавала навучальныя дапаможнікі для школ і педагагічных навучальных установаў, метадычную літаратуру для настаўнікаў, літаратуру для пазакласнага чытання навучэнцаў, мастацкую літаратуру, праграмна-метадычныя выданні і інш. У дзень закрыцця выдавецтва адзначыла 73-я народзіны.

  • Нацыянальны тэатр

6 красавіка на сцэне Канцэртна-відовішчнага цэнтра «Міленіум» у Яраслаўлі адбыўся паказ спектакля «Камень дурасці»  — сумеснай пастаноўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Рэгіянальнага грамадскага фонду падтрымкі Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя А. П. Чэхава.

18 красавіка адбылося падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўнай установай «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы” імя Ленінскага камсамола Беларусі» і Ферганскім абласным рускім драматычным тэатрам.

22 красавіка Вялікі тэатр Беларусі наведалі міністр культуры Архангельскай вобласці Расійскай Федэрацыі Аксана Святлова і дырэктар Архангельскага тэатра драмы імя М. В. Ламаносава Сяргей Самодаў. Адбылася сустрэча з генеральным дырэктарам тэатра Кацярынай Дулавай, у якой таксама прыняла ўдзел начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вікторыя Ратабыльская. Бакі абмеркавалі пытанні творчага ўзаемадзеяння, пашырэння творчых кантактаў, арганізацыі сумесных праектаў як на тэрыторыі Архангельскай вобласці, так і ў Рэспубліцы Беларусь.

  • Нацыянальны музей і традыцыйная культура

У пачатку красавіка стала вядома, што ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праводзяцца лекцыі для навучэнцаў школ, падчас якіх навуковыя супрацоўнікі Музея раскрываюць дзецям пра вайну. Пасля заканчэння лекцыйнай часткі ўдзельнікі робяць памятныя фатаграфіі з амуніцыяй і зброяй, а пасля занятку самастойна знаёмяцца экспазіцыяй Музея.

1 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі на першай мабільнай планшэтнай выставе Рускі музей прадставіў 23 знакамітыя творы рускіх майстроў XIV-XX стагоддзяў. Сярод іх — працы Брулова, Кіпрэнскага, Айвазоўскага, Сурыкава, Куінджы, Рэпіна і іншых мастакоў. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада і гендырэктар Рускага музея Ала Манілава. На працягу года мабільная выстава будзе праходзіць у Мінску, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Лідзе, Слуцку, Салігорску, Барысаве.

2 красавіка ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. У. Масленікава пачала працу выстава «В единстве наша сила». На ёй прадстаўлены «яркие и живые пейзажи, в которых отразился уникальный взгляд белорусских и российских мастеров живописи на природу. Их произведения подчеркивают объединяющую силу искусства в современном мире и вдохновляют на новые открытия».

2 красавіка ў Астраўцы прайшла патрыятычная акцыя « Наш долг — помнить!» — новы прыпынак мабільнай экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На экскурсіі па экспазіцыі музея наведвальнікі маглі азнаёміцца ​​з арыгінальнымі артэфактамі часоў вайны, фатаграфіямі, інтэрактыўнымі матэрыяламі.

2 красавіка ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі адбыўся тэлемост паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Ульянаўскім абласным мастацкім музеем. У рамках анлайн-сустрэчы прайшла прэзентацыя творчых праектаў двух музеяў і абмеркаванне далейшага супрацоўніцтва.

5 красавіка ў Бранскім мастацкім музеі адкрылася выстава «Традиции и современность», якая прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. У экспазіцыі прадстаўлены звыш 80 студэнцкіх работ аддзяленняў выяўленчага мастацтва Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Бранскага абласнога каледжа мастацтваў (у рамках мемарандума аб супрацоўніцтве двух каледжаў).

7 красавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыўся выставачны праект «Першыя…», прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння першага касманаўта Юрыя Гагарына, Сусветнаму дню авіяцыі і касманаўтыкі, Дню яднання народаў Беларусі і Расіі.

16 красавіка ў БДАМ прайшоў Круглы стол на тэму «Мастацкая культура і грамадзянская супольнасць. Каштоўнасны зрэз “сталасць і сэнсы”». Прынялі ўдзел: рэктар Акадэміі мастацтваў М. Баразна, прафесарска-выкладчыцкі склад акадэміі, філосафы, навуковыя работнікі, заслужаныя артысты і мастакі, дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі РГА «Белая Русь», БРСМ, інш..

17 красавіка 2024 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі «Союзное государство — единство через культуру». «Это уникальная инициатива в области развития межкультурного диалога, укрепления союзного строительства, демонстрации глубинных связей между культурами наших стран». У экспазіцыі творы мастакоў — членаў Расійскай акадэміі мастацтваў і ганаровых акадэмікаў Расійскай акадэміі мастацтваў у Беларусі. Выставачны праект стартаваў 26 сакавіка ў Маскве ў Музейна-выставачным комплексе Галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі Расійскай акадэміі мастацтваў. Праект арганізаваны пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы сумесна з Расійскай акадэміяй мастацтваў, міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі. Арганізатары падкрэсліваюць, што «это уникальная инициатива в области развития межкультурного диалога, укрепления союзного строительства, демонстрации глубинных связей между культурами двух стран». Кіраўніца прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар’яна Шчоткіна заўважыла, што на выставе прадстаўлены зусім розныя работы, «но у них есть общее — наши смыслы и наше белорусско-российское единство, которое передается через добро, свет и любовь».

17 красавіка ў рамках VIII Міжнароднага форуму «Традиционная культура как стратегический ресурс устойчивого развития общества» адбылося падпісанне пагадненняў аб культурным супрацоўніцтве паміж установай культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай працы» і абласной бюджэтнай установай культуры «Абласны цэнтр культуры, народнай творчасці і кіно» Ліпецкай вобласці.

18 красавіка Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай працы падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай бюджэтнай культурна-дасугавай установай «Дом народнай творчасці і вольнага часу» і з дзяржаўнай бюджэтнай установай культуры «Іркуцкі абласны Дом народнай творчасці».

18 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася часовая экспазіцыя «“Вайна і мір” Л. М. Талстога: месца дзеяння Беларусь». Выстава створана сумесна з Дзяржаўным музеем Л. М. Талстога (г. Масква).

18 красавіка ў галоўным корпусе Мастацкага музея пачала працу выстава «Рэпін і вучні». Новы выставачны праект прымеркаваны да 180-годдзя з дня нараджэння рускага мастака І. Я. Рэпіна. Экспазіцыю выставы складаюць творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага Рускага музея і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Дапаўняюць экспазіцыю ілюстраваныя выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Выстава працуе да 16 чэрвеня.

19 красавіка адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж установай культуры «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Я. Р. Раманава» і дзяржаўнай установай культуры Тульскай вобласці «Тульскае музейнае аб’яднанне».

ЗАКЛЮЧЭННЕ

У красавіку 2024 года расійскі ўплыў на беларускую ідэнтычнасць не страціў інтэнсіўнасці. Расійскія арганізацыі і прарасійскія актывісты спрыяюць інтэграцыйным працэсам Беларусі і Расіі, займаюцца прапагандай у гістарычнай сферы, імкнуцца да стварэння агульнай інфармацыйнай і моўнай прасторы, паслядоўна ўкараняюць у Беларусі расійскую культуру і рускую мову праз мерапрыемствы, конкурсы, распаўсюджванне кніг і г. д. У пачатку месяца афіцыйна адкрыўся «Рускі Дом у Гродне» (пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў: «Открывая в День единения народов России и Беларуси Российский центр науки и культуры в Гродно, мы способствуем расширению многовековых связей между нашими братскими народами, в основе которых лежат общие корни, история, культура и русский язык»).

У красавіку не было зафіксавана выпадкаў культурніцкага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Заходняй Еўропы. У той самы час назіраўся значны рост расійска-беларускага супрацоўніцтва. Таксама шмат агульным мерапрыемстваў Беларусь мела з Азербайджанам (гэта тлумачыцца тым, што праводзіліся Дні культуры Беларусі ў Азербайджане).

Асноўнымі тэндэнцыямі, з якімі ў красавіку выступалі ўлады і (пра)расійскія сілы ў Беларусі, сталі наступныя:

  • прарасійскія актывісты і беларускія ўлады працягвалі змагацца з беларускімі нацыянальнымі героямі, якія не адпавядаюць інтарэсам Расіі, сярод якіх Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка. У той самы час беларускі нацыянальны Алімп працягваў засяляцца постацямі з савецкага перыяду гісторыі;
  • узмацненне ўвагі дзяржавы да гістарычнай навукі;
  • сакралізацыя савецкага мінулага. У ідэалагічнай сферы па-ранейшаму вялікая ўвага надаецца тэме Вялікай айчыннай вайны. Цягам месяца былі зафіксаваны шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай старонцы гісторыі;
  • маштабныя кампаніі па зносе гістарычных будынкаў, што на сёння не выкарыстоўваюцца;
  • дэбеларусізацыя моўнай прасторы. Прарасійскія актывісты працягваюць настойваць на павелічэнні ўжывання рускай мовы ў грамадскіх месцах;
  • рэпрэсіі ў сферы культуры. Афіцыйная культура Беларусі зазнае татальную ідэалагізацыю, адмову ад міжнароднага супрацоўніцтва, замыканне на прарасійскім вектары развіцця;
  • татальная экспансія расійскай культуры. Нацыянальны музей усё больш прывязваецца да расійскага, павялічваецца прысутнасць расійскіх і прарасійскіх выстаў, што было зафіксавана і ў мінулым месяцы.

Гэтыя тэндэнцыі могуць мець для Беларусі сур’ёзныя наступствы, паколькі яны накіраваны на страту яе самабытнасці і незалежнасці, на стварэнне ўмоў для далейшай інтэграцыі з Расіяй. А пры адначаснай экспансіі расійскай культуры — і на знікненне ў ёй. Беларусь паступова страчвае сваю нацыянальную індывідуальнасць.

06.05.2024