Альтэрнатыўныя пастаўкі энергарэсурсаў у Беларусь: наколькі рэальная дыверсіфікацыя ад Расіі? 

Альтэрнатыўныя пастаўкі энергарэсурсаў у Беларусь: наколькі рэальная дыверсіфікацыя ад Расіі?
Фото: Shutterstock

Скачать .PDF (151,59 Kb)

Беларусь застаецца крытычна залежнай ад расійскіх энергарэсурсаў: у 2024 годзе 87% паставак ішлі з Расіі. Што адбудзецца, калі яны раптоўна спыняцца — і ці гатовая да гэтага беларуская энергасістэма? ISANS прааналізаваў магчымыя сцэнары і іх эканамічныя наступствы.

Па нашых ацэнках, здабыча і імпарт энергетычных рэсурсаў у 2024 годзе склалі каля 47 млн т у.п. (т у.п. — тона ўмоўнага паліва, энергетычны эквівалент выкарыстання 1 тоны вугалю), з якіх 40,8 млн т у.п. (каля 87%) пастаўляецца з Расіі. Асноўнымі відамі рэсурсаў з’яўляюцца нафта, прыродны газ і ядзернае паліва.

Безумоўна, частка нафтапрадуктаў экспартуецца, і на гэты аб’ём тэхнічна можна было б знізіць імпарт сыравіны. Аднак гэта таксама аказала б негатыўны ўплыў на эканоміку. Залежнасць ад розных відаў паліва адрозніваецца па характары і маштабе, таму яе зніжэнне не можа быць вырашана аднамомантна.

Нафта

Да 2019 года беларускія НПЗ перапрацоўвалі каля 15–16 млн тон нафты ў год. Каля 1,7 млн тон здабывалася ўнутры краіны, і амаль уся гэтая нафта экспартавалася. Аб’ёмы перапрацоўкі абмяжоўваліся перадусім аб’ёмамі паставак нафты ў Беларусь.

Пасля 2020 года аб’ёмы перапрацоўкі значна вагаліся, а пасля 2022 года яны ў асноўным залежаць ад магчымасцей збыту нафтапрадуктаў і складаюць ад 12 да 16 млн тон у год, з якіх каля 2 млн тон здабываецца ў Беларусі. З гэтага аб’ёму на ўнутраныя патрэбы выкарыстоўваецца каля 8 млн тон, астатняе экспартуецца.

Аналіз даступных дадзеных аб цэнах на нафту для Беларусі з Расіі паказвае, што яны амаль адпавядаюць сусветным — розніца не перавышае 10%. У выпадку пераходу цалкам на сусветныя цэны рост коштаў нафтапрадуктаў можа скласці каля 3–7%, што адносна нязначна. Таму сур’ёзных эканамічных выклікаў у цэнавым аспекце не чакаецца.

Аднак для дыверсіфікацыі паставак неабходна вырашыць тэхнічныя і лагістычныя пытанні. Існуе некалькі магчымых варыянтаў, кожны з якіх мае свае складанасці. Магчыма пастаўка нафты праз Літву чыгункай, але арганізацыя такіх аб’ёмаў можа быць складанай. Таксама магчымыя пастаўкі праз Украіну па нафтаправодзе Адэса—Броды з далейшым рэверсам па «Дружбе»; тут ключавымі з’яўляюцца пытанні даступнасці ўкраінскай інфраструктуры і транспартных тарыфаў. Яшчэ адзін варыянт — пастаўкі праз польскі порт Гданьск да Плоцка і далей па нафтаправодзе «Дружба» ў Беларусь. Аднак на сённяшні момант порт у Гданьску і нафтаправод да Плоцка загружаныя для забеспячэння паставак нафты на нямецкія НПЗ.

Газ

Беларусь спажывала каля 20 млрд м³ газу. Пасля пуска АЭС спажыванне скарацілася да 17 млрд м³. Найбольшая праблема залежнасці ад паставак газу — гэта цана. Расія ў 2025 годзе прадавала газ па $129/тыс. м³, у той час як пастаўкі з Еўропы будуць каштаваць не менш за $350/тыс. м³ па сённяшніх цэнах на спотавым рынку ЕЗ, а магчыма нават каля $430/тыс. м³. Пры такіх зменах сабекошт газу ўзрасце ў 3,3 разы, цеплавой энергіі — у 2,7 разы, а электраэнергіі — на 33–35%. Калі дадаць той факт, што цеплавая энергія зараз субсідуецца на 80%, то такія субсідыі становяцца проста непад’ёмнымі для бюджэту, а скарачэнне субсідый можа прывесці да неабходнасці павышэння тарыфаў на цеплавую энергію ў 10 разоў. Вырашыць гэтую праблему без фінансавай дапамогі і тарыфнай рэформы немагчыма.

Альтэрнатыўныя пастаўкі газу магчыма арганізаваць праз нямецкую і польскую газавыя сеткі з пастаўкамі праз газаправод «Ямал–Еўропа» у рэверсным рэжыме. Яго магутнасці дастаткова, і ён зараз не выкарыстоўваецца. Аднак дадаткова да эканамічных складанасцей могуць узнікнуць юрыдычныя праблемы, бо сам газаправод, астатнія магістральныя газаправоды і падземныя газасховішчы належаць ПАО «Газпром» і фактычна кантралююцца Расіяй.

Ядзернае паліва

Ядзернае паліва цалкам пастаўляецца з Расіі, і яго пастаўка звязана з кантрактам на будаўніцтва АЭС. Так як атамная станцыя пабудавана па расійскаму праекце, для яе працы падыходзіць толькі расійскае паліва. Украіна і некаторыя еўрапейскія краіны спрабавалі перайсці на пастаўкі паліва ад іншых кампаній (напрыклад, Westinghouse) і нават дасягалі поспеху. Аднак гэта рабілася для старых рэактараў савецкага часу.

У Беларусі новы праект, і выкарыстанне іншага паліва будзе складаным. Хутчэй за ўсё, мы не зможам скарыстацца досведам Украіны і давядзецца пачынаць працэс пераходу з нуля — і толькі ў тым выпадку, калі іншыя вытворцы змогуць вырабляць такое паліва.

З другога боку, паліва ў АЭС загружаецца раз на год, таму станцыя не будзе спынена імгненна, і будзе пэўны час для падрыхтоўкі да яе спынення. У Беларусі ёсць дастатковыя магутнасці для замяшчэння электраэнергіі АЭС, аднак вытворчасць будзе ажыццяўляцца з газу, што прывядзе да росту яго спажывання.

Агульны вынік

З тэхнічнага пункту гледжання арганізацыя доўгатэрміновых паставак паліва з іншых крыніц магчыма. Складанасці могуць узнікнуць толькі ў выпадку раптоўнага спынення паставак. У такім сцэнары прыйдзецца тэрмінова арганізоўваць пастаўкі з альтэрнатыўных накірункаў, аднак мадэлі паказваюць, што гэта не прывядзе да спынення забеспячэння спажыўцоў. Гэты сцэнар падрабязна разглядаўся ў нашай працы «Функцыянаванне энергасістэмы Беларусі ў выпадку спынення паставак нафты і газа з Расіі» [1].

Больш складанасцей можа выклікаць рэзкі рост цаны на энергарэсурсы, што можа прывесці да значнага павышэння тарыфаў.

Такое спыненне паставак не з’яўляецца мэтай і ў цяперашні час не адпавядае нацыянальным інтарэсам. Асноўная задача — зніжэнне залежнасці ад паставак і недапушчэнне выкарыстання паліва як інструмента ўплыву. Для гэтага неабходна:

  • арганізаваць альтэрнатыўныя маршруты паставак энергетычных рэсурсаў;
  • забяспечыць дыверсіфікацыю праз сумесныя праекты з суседнімі краінамі;
  • увесці механізмы, якія прадухіляюць манапалізацыю рынку Беларусі праз зніжэнне цэн на энергарысурсы;
  • правесці шэраг рэформ, уключаючы тарыфную рэформу цеплазабеспячэння, фарміраванне рынку газа і электраэнергіі.

Такі падыход дазволіць знізіць рызыку залежнасці ад аднаго пастаўшчыка і павысіць энергетычную бяспеку краіны.

  • [1] https://isans.org/ru/energy-sector/funkczionirovanie-energosistemy-belarusi-v-sluchae-prekrashheniya-postavok-nefti-i-gaza-iz-rossii.html

Скачать .PDF (151,59 Kb)

The article is available in English Alternative energy supplies to Belarus: How realistic is diversification from Russia?

19.02.2026