Агульная сітуацыя
Лукойл у 2024 годзе здабыў 80,4 млн тон нафты. Экспарт склаў 36,7 млн тон (прыблізна 730 тыс. барэляў у дзень). Экспарт нафтапрадуктаў — 14,7 млн тон (каля 300 тыс. барэляў у дзень). Кампаніі належаць нафтаперапрацоўчыя заводы ў Пермі, Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе і Ухце — тры з іх былі атакаваныя на працягу апошніх трох месяцаў. «Лукойл» таксама валодае больш як 50% акцый нафтаперапрацоўчых заводаў у Балгарыі і Румыніі.
Раснафта ў 2024 годзе здабыла 184 млн тон нафты. Аб’ём перапрацоўкі склаў 82,6 млн тон, што адпавядае прыкладна 1,6 млн барэляў у дзень. Мяркуецца, што астатняя частка нафты — каля 101,4 млн тон (прыкладна 2 млн барэляў у дзень) — была экспартаваная, хоць пэўная доля магла паступіць на ўнутраны рынак. З перапрацаванага аб’ёму каля 0,8 млн барэляў у дзень прыйшлося на экспарт нафтапрадуктаў. Кампаніі належаць 13 буйных нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі, прынамсі сем з іх былі атакаваныя на працягу апошніх трох месяцаў. Акрамя таго, «Раснафта» валодае больш чым 50% акцый нафтаперапрацоўчага завода ў Германіі.
Агульны экспарт нафты з Расіі ацэньваецца прыкладна ў 5 млн барэляў у дзень, што азначае, што пад санкцыі трапіла больш за палову ўсяго экспарту. Экспарт нафтапрадуктаў складае яшчэ каля 2 млн барэляў у дзень, і прыблізна палова гэтага аб’ёму таксама падпала пад санкцыі. Аднак у цяперашні момант экспарт нафтапрадуктаў можа быць істотна меншы ў сувязі са скарачэннем вытворчасці пасля атак на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы.
Ўплыў на працу кампаній
1. Экспарт нафты. Рынак збыту нафты для гэтых кампаній значна скараціўся, таму верагодна будзе зменшаны аб’ём экспарту. Тыя кампаніі, якія згодзяцца купляць нафту «Раснафты» і «Лукойла», будуць патрабаваць большых скідак — з-за рызыкі апынуцца пад другаснымі санкцыямі і з-за скарачэння магчымасцей паставак іншым кампаніям.
Трэба таксама ўлічваць, што зараз экспарт нафты, верагодна, знаходзіцца на максімальных узроўнях з-за скарачэння нафтаперапрацоўкі. Аднак не варта разлічваць на поўнае спыненне ўсіх экспартных паставак нафты.
Пастаўкі ў Кітай, хутчэй за ўсё, захаваюцца або скароцяцца нязначна. У Кітаі працуюць НПЗ, якія спецыялізуюцца на перапрацоўцы санкцыйнай нафты і пастаўках яе на ўнутраны рынак. Больш верагоднае скарачэнне спажывання ў Індыі, Турцыі і іншых краінах.
2. Экспарт нафтапрадуктаў.
Абедзве кампаніі маюць НПЗ як на тэрыторыі Расіі, так і за яе межамі. Завод «Раснафты» ў Германіі знаходзіцца пад знешнім кіраваннем, таму гэта хутчэй удар па Германіі, чым па «Раснафце».
У іншых краінах сітуацыя аналагічная: нафтавыя кампаніі згубяць прыбытак ад іх працы і, верагодна, пастаўкі на гэтыя заводы, але краіны, у якіх яны размешчаны, страцяць пастаўшчыка нафтапрадуктаў.
Магчыма, у бліжэйшы час для гэтых заводаў будуць зроблены выключэнні з санкцый.
3. Запчасткі і абсталяванне.
Ускладняецца закуп запасных частак і абсталявання для здабычы і перапрацоўкі нафты. Гэта можа стаць асабліва адчувальным на фоне пагаршэння сыравіннай базы (нафта становіцца ўсё больш цяжкай) і пастаянных атак беспілотнікаў на НПЗ. Вытворцы абсталявання, у адрозненне ад спажыўцоў нафты, звычайна пастаўляюць сваю прадукцыю па ўсім свеце, таму для іх рызыкі, звязаныя з санкцыямі, значна вышэйшыя.
4. Нафтасэрвіс.
У Расіі да нядаўняга часу працягвалі працаваць заходнія нафтасэрвісныя кампаніі, напрыклад Schlumberger і іншыя. Зараз яны будуць зварочваць сваю дзейнасць. Замовіць абслугоўванне НПЗ або свідравіны праз фірму-пракладку не атрымаецца.
Разам з тым у Расіі дастаткова развіты ўласны нафтасэрвісны сектар, і значная частка здабычы будзе абслугоўвацца айчыннымі кампаніямі. Праблемы ўзнікнуць на складаных радовішчах — з цяжкай нафтай, складанай геалогіяй, а таксама на шэльфе (дзе здабыча ўсё яшчэ вядзецца).
Вынік
Санкцыі закранулі значныя абʼёмы экспарта нафты і нафтапрадуктаў з Расіі. Гэта ў кароткатэрміновай перспектыве скароціць абʼёмы экспарта. Ўплыў на больш далёкую перспектыву залежыць ад здольнасці і поспехаў Расіі ў абыходжанні санкцый і ад далейшай актыўнасці ЗША па накладанню другасных санкцый за працяг супрацы з Раснафтай і Лукойлам.
The article is available in English U.S. sanctions against Lukoil and Rosneft: results and consequences






