Чаму даражэе дызель: глабальны шок на рынках нафты, перапрацоўкі і гандлю 

Чаму даражэе дызель: глабальны шок на рынках нафты, перапрацоўкі і гандлю
Фото: expedientimpact.com

Скачать .PDF (294,60 Kb)

Цэны на нафтапрадукты

Рост цэн на паліва ў ЗША ў апошні час прывёў да шэрагу палітычных заяў рознай накіраванасці.

Аднак на цэны на паліва, і асабліва на дызель, уплывае цэлы шэраг фактараў. Дакладна вызначыць унёсак кожнага з іх складана. Тым не менш можна вылучыць асноўныя фактары, ацаніць іх адносную значнасць і растлумачыць прычыны змены цэн на якасным узроўні.

Для ацэнкі выкарыстоўваюцца даныя OPEC Monthly Oil Market Report — адна з найбольш аператыўных адкрытых крыніц па рынку нафты і нафтапрадуктаў.

Цэны на нафту

Кошт сырой нафты з’яўляецца галоўным складнікам кошту нафтапрадуктаў. Калі ў жніўні 2025 года WTI каштавала каля $64 за барэль, то ў жніўні 2026 года — каля $83 за барэль, амаль на 30% даражэй. Адным з галоўных драйвераў росту нафтавых цэн стала вайна ў Персідскім заліве і звязаныя з ёй рызыкі для здабычы, транспарціроўкі і перапрацоўкі нафты.

Сусветны попыт на нафту ў другім квартале 2025 года складаў 104,3 млн барэляў за суткі, а ў другім квартале 2026 года — 102,92 млн барэляў за суткі. Такім чынам, попыт нават некалькі скараціўся. Аднак гэтага падзення не хапіла, каб кампенсаваць значна большае скарачэнне даступнай прапановы, падзенне запасаў і выпуску нафтапрадуктаў, а таксама рост лагістычных і страхавых выдаткаў.

Вытворчасць вадкіх вуглевадародаў у краінах па-за Дэкларацыяй аб супрацоўніцтве АПЕК+, або DoC, у другім квартале 2025 года складала 54,38 млн барэляў за суткі, а ў другім квартале 2026 года — 54,24 млн барэляў за суткі. Яна амаль не змянілася. Адначасова здабыча сырой нафты краінамі DoC скарацілася з 41,3 млн барэляў за суткі ў жніўні 2025 года да 34,3 млн у другім квартале 2026 года — прыкладна на 7 млн барэляў за суткі.

Асноўнае скарачэнне адбылося сярод краін АПЕК, найперш у Саудаўскай Аравіі, Іране, Іраку і Кувейце. Пры гэтым квоты DoC у гэты перыяд павялічваліся. Гэта азначае, што падзенне здабычы было звязана не з абмежаваннем квот, а з фізічнымі перабоямі: рызыкамі для экспарту праз Армузскі праліў, абмежаванымі магчымасцямі захоўвання і пашкоджаннем энергетычнай інфраструктуры.

Удары УСУ па расійскіх НПЗ у першую чаргу не скарачаюць здабычу сырой нафты. Наадварот, у кароткатэрміновым перыядзе яны могуць павялічваць даступнасць сырой нафты для экспарту, паколькі частку нафты немагчыма перапрацаваць унутры Расіі. Удары па экспартнай інфраструктуры — партах, нафтаправодах і сховішчах — могуць часова скарачаць экспарт сырой нафты. Іх доўгатэрміновы ўплыў залежыць ад маштабу пашкоджанняў, хуткасці рамонту і магчымасці перанакіраваць патокі праз іншыя маршруты.

Калі ў студзені 2026 года Расія экспартавала каля 3,2 млн барэляў за суткі сырой нафты, то ў ліпені 2026 года экспарт у асобныя перыяды перавышаў 4,3 млн барэляў за суткі.

Маржа нафтаперапрацоўкі

Наступны важны складнік кошту нафтапрадуктаў — валаваловая маржа нафтаперапрацоўкі. Гэта не плата за паслугу НПЗ і не чысты прыбытак перапрацоўшчыка. Яна паказвае розніцу паміж узважанай вартасцю нафтапрадуктаў, атрыманых з тыповага барэля нафты, і коштам сырой нафты.

У ЗША такая маржа ў папярэднія гады звычайна знаходзілася ў дыяпазоне каля $12–18 за барэль. У жніўні 2026 года валаваловая маржа НПЗ на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва ЗША адносна WTI вырасла да $53,34 за барэль. Яна размяркоўваецца паміж рознымі прадуктамі нераўнамерна.

Мазут у жніўні каштаваў танней за WTI. У той жа час розніца паміж цаной бензіну з актанавым лікам 93 і коштам WTI складала $66,01 за барэль, хоць за месяц яна крыху скарацілася. Для дызелю гэтая розніца працягвала расці і дасягнула $75,76 за барэль.

Рост маржы перапрацоўкі тлумачыцца не проста дэфіцытам сусветных магутнасцяў НПЗ, а дэфіцытам даступнай перапрацоўкі і гатовых нафтапрадуктаў у патрэбных рэгіёнах і з патрэбнымі спецыфікацыямі. Частка НПЗ пашкоджана, частка не мае дастатковай колькасці сыравіны, а частка працуе са скарочанай загрузкай. У ЗША загрузка НПЗ у жніўні 2026 года дасягнула 97,2% магутнасці. У Еўропе і выбраных краінах Азіі загрузка таксама расла, але заставалася ніжэйшай — каля 90% і 85% адпаведна.

Паводле вераснёўскай ацэнкі АПЕК для трэцяга квартала 2026 года, перапрацоўка нафты ў ЗША і Еўропе амаль не змянілася ў параўнанні з аналагічным кварталам 2025 года. У краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне яна скарацілася на 0,34 млн барэляў за суткі. Найбольшае падзенне перапрацоўкі адбылося ў Кітаі — на 1,79 млн барэляў за суткі. Яно было выклікана спалучэннем перабояў у пастаўках сырой нафты праз Армузскі праліў, высокага кошту і лагістычных рызык для сыравіны, слабога ўнутранага попыту на маторнае паліва і абмежаванняў кітайскіх уладаў на экспарт нафтапрадуктаў. У першыя месяцы крызісу Кітай выкарыстоўваў запасы сырой нафты, адначасова скарачаючы загрузку НПЗ і экспарт гатовага паліва. У ліпені–жніўні, пасля паслаблення экспартных абмежаванняў, пастаўкі нафтапрадуктаў з Кітая пачалі хутка аднаўляцца. Гэта часткова змякчыла дэфіцыт у Азіі, але не кампенсавала страты выпуску ў Расіі і краінах Персідскага заліва.

На Блізкім Усходзе перапрацоўка нафты ў трэцім квартале скарацілася на 1,13 млн барэляў за суткі. Для гэтага было дзве асноўныя прычыны. Па-першае, абмежаванне суднаходства праз Армузскі праліў ускладніла не толькі экспарт сырой нафты, але і перавозку гатовых нафтапрадуктаў. Па-другое, атакі на НПЗ у краінах Заліва знізілі даступныя магутнасці перапрацоўкі.

З пачатку вайны былі атакаваныя або пашкоджаныя НПЗ у Саудаўскай Аравіі — Ras Tanura, Jazan, SAMREF і SATORP, у ААЭ — Ruwais, у Кувейце — Mina al-Ahmadi і Mina Abdullah, а таксама ў Бахрэйне — Sitra. Частка гэтых НПЗ ужо аднавіла працу цалкам або часткова. Ruwais вярнуўся да поўнай магутнасці, Ras Tanura аднавіў працу пасля часовага спынення. Jazan застаецца спыненым, а для некалькіх іншых комплексаў няма надзейнага публічнага пацверджання іх поўнага аднаўлення.

Расія скараціла перапрацоўку нафты на 1,13 млн барэляў за суткі, што звязана з украінскімі атакамі на расійскія НПЗ. Такім чынам, з агульнага скарачэння сусветнай нафтаперапрацоўкі на 4,39 млн барэляў за суткі расійскі фактар тлумачыць каля чвэрці падзення. Аднак значэнне расійскага фактару для рынку дызелю можа быць большым, чым вынікае з гэтай долі. Расія была адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў дызелю і газойлю. Таму скарачэнне расійскай перапрацоўкі і абмежаванні экспарту асабліва моцна ўплываюць на рынак сярэдніх дыстылятаў, да якіх належаць дызель і авіяцыйны керасін.

Дадатковым драйверам росту маржы амерыканскіх НПЗ з’яўляецца экспартны попыт. У жніўні аптовыя цэны на дызель і бензін у Еўропе былі вышэйшымі, чым на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва ЗША. Аднак гэтыя цэны нельга непасрэдна параўноўваць як чыстую экспартную маржу: прадукты маюць розныя спецыфікацыі, а таксама неабходна ўлічваць фрахт, страхаванне, захоўванне і магчымую дадатковую апрацоўку.

Напрыклад, розніца ў цане авіяцыйнага керасіну паміж Ратэрдамам і ўзбярэжжам Мексіканскага заліва ЗША складае каля $6 за барэль. Для дызелю яна дасягае каля $14 за барэль. Але амерыканскі газойль у гэтай статыстыцы мае ўтрыманне серы 0,2%, у той час як еўрапейскі дызель мае стандарт 10 частак на мільён. Таму розніца ў каціроўках не роўная чыстай маржы ад пастаўкі: яна залежыць ад магчымасці дадатковай ачысткі або змешвання паліва, а таксама ад выдаткаў на перавозку і страхаванне.

Скарачэнне перапрацоўкі ў Кітаі, Расіі і на Блізкім Усходзе павышае цэны на нафтапрадукты ва ўсім свеце. Амерыканскія НПЗ не могуць хутка істотна павялічыць выпуск, бо ўжо працуюць амаль на мяжы магутнасці. Пры высокай загрузцы НПЗ дадатковы экспартны попыт канкуруе з унутраным рынкам за абмежаваныя аб’ёмы нафтапрадуктаў, што падтрымлівае цэны на паліва ў ЗША.

Гэта разбурае міф пра тое, што блакаванне Армузскага праліва з’яўляецца праблемай толькі для Еўропы і Азіі, а ЗША могуць цалкам абараніць сябе ўласнай нафтай і газам. Амерыканскі рынак цесна звязаны з сусветным праз цэны і экспарт нафтапрадуктаў. ЗША лепш забяспечаныя ўласнай нафтай, чым краіны-імпарцёры, але гэта не ізалюе іх унутраныя цэны ад сусветнага дэфіцыту нафты і нафтапрадуктаў.

Вынік

Скарачэнне расійскай нафтаперапрацоўкі і экспарту дызелю з’яўляецца адным з шэрагаў фактараў, якія павышаюць цэны на нафтапрадукты. Прытым найбольшае сістэмнае значэнне мае вайна ў Іране, якая прывяла адначасова да абмежавання транзіту праз Персідскі заліў і пашкоджання і скарачэння загрузкі НПЗ у краінах Персідскага заліва, а таксама паў плывала на аб’емы перапрацоўкі нафты ў Кітаі.

Скачать .PDF (294,60 Kb)

The article is available in English Why Diesel Prices Are Rising: A Global Shock to Oil Markets, Refining and Trade

14.09.2026