Гэтае даследаванне ўяўляе сабой агляд асноўных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў сферы культуры і гістарыяграфіі цягам студзеня 2025 года і маюць дачыненне да фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці.
У студзені былі выяўлены такія тэндэнцыі:
- Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры афіцыйных беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца амаль цалкам манапалізаваным Расіяй.
У студзені 2025 года ў Telegram-канале Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі змешчаны 13 арыгінальных навін (у папярэдніх двух месяцах — 99 і 60), якія тычацца міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры. Спад актыўнасці ў дадзеным напрамку з’яўляецца традыцыйным для пачатку года, а сёлета таксама тлумачыцца правядзеннем у Беларусі ў студзені выбараў прэзідэнта.
- Расія, (пра)расійскія арганізацыі і актывісты не спыняюць сваю актыўнасць, праводзячы ў Беларусі экспансію расійскай культуры і рускай мовы і ствараючы падмурак для далейшай інтэграцыі праз мерапрыемствы, конкурсы, распаўсюджванне кніг і г. д.
Адбываецца навязванне рускай мовы і літаратуры, папулярызацыя савецкай эпохі і праслаўленне ВАВ, аб’яднанне культур дзвюх краін, тэматычныя клубы і сустрэчы, папулярызацыя расійскага кіно, у ідэалагічнай сферы адбываецца сакралізацыя савецкага мінулага, вялікая ўвага па-ранейшаму надаецца тэме Вялікай айчыннай вайны.
- Па-ранейшаму назіраецца папулярызацыя рускай мовы і стварэнне адзінай (руска)моўнай прасторы.
Гэтыя тэндэнцыі могуць мець для Беларусі сур’ёзныя наступствы, паколькі яны накіраваны на страту яе самабытнасці, на стварэнне ўмоў для далейшай інтэграцыі з Расіяй. А пры адначаснай экспансіі расійскай культуры — і на знікненне ў ёй. Беларусь паступова страчвае сваю нацыянальную індывідуальнасць.