Нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі. Агляд асноўных падзей і тэндэнцый за студзень 2024 года 

Нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі. Агляд асноўных падзей і тэндэнцый за студзень 2024 года
Photo: НН. Сцяг з Пагоняй, прыбраны з Камянецкай вежы

Download .PDF (423,51 Kb)

УСТУП

Дадзенае даследаванне ўяўляе сабой агляд асноўных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў сферы культуры і гістарыяграфіі цягам студзеня 2024 года і маюць дачыненне да фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

У студзені былі выяўлены такія тэндэнцыі:

  • Колькасць міжнародных кантактаў Беларусі ў сферы культуры значна паменшылася ў параўнанні з папярэднімі месяцамі (ў вялікай ступені гэта тлумачыцца пачаткам каляндарнага года). У той самы час міжнароднае супрацоўніцтва афіцыйных беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца амаль цалкам манапалізаваным Расіяй на фоне татальнай адсутнасці супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы;
  • Працягваецца перапісванне гісторыі, барацьба з беларускімі гістарычнымі постацямі, непажаданымі для Расіі, а таксама ўступіў у актыўную фазу працэс уніфікацыі гістарычных навук Беларусі і Расіі;
  • У ідэалагічнай сферы антызаходняя рыторыка праявіла сябе ў барацьбе з англійскай мовай, варожым стаўленні да краін Заходняй Еўропы, таксама адбываецца сакралізацыя савецкага мінулага шляхам праслаўлення Сталіна і паўсюднага выкарыстання тэмы Вялікай Айчыннай вайны;
  • Расія, (пра)расійскія арганізацыі і актывісты не спыняюць сваю актыўнасць, праводзячы ў Беларусі экспансію расійскай культуры і рускай мовы і ствараючы падмурак для далейшай інтэграцыі;
  • Па-ранейшаму назіраецца папулярызацыя рускай мовы і стварэнне адзінай (руска)моўнай прасторы;
  • Беларуская нацыянальная культура ўсё больш прывязваецца да расійскай, становіцца пляцоўкай для праслаўлення рускіх гістарычных постацяў, падвяргаюцца рэпрэсіям дзеячы культуры.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У студзені 2024 года на Telegram-канале Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было змешчана 26 арыгінальных навін, якія тычацца міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры.

У студзені 2024 года значна паменшылася колькасць выпадкаў супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі ў сферы культуры. Гэта тлумачыцца тым, што традыцыйна на пачатку года старыя праекты ўжо закончыліся, а новыя — яшчэ не распачаліся. Тым не менш, галоўным для Беларусі партнёрам у культурнай сферы па-ранейшаму заставалася Расійская Федэрацыя. Што тычыцца супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы, то цягам месяца такіх выпадкаў не было зафіксавана.

ЗНІШЧЭННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ

25 студзеня паміж Рэспубліканскай радай па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Лукашэнкі і міжведамаснай камісіяй па гістарычнай асвеце пры Пуціне быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні. Мемарандум прадугледжвае стварэнне Сумеснай расійска-беларускай камісіі па гісторыі. Яе рабочым органам вызначана Экспертна-кансультатыўная расійска-беларуская рада па гісторыі, якая была створана на першым Расійска-беларускім форуме гісторыкаў у чэрвені 2023 года ў Маскве. Бакі будуць садзейнічаць каардынацыі намаганняў па абароне гістарычнай праўды, захаванні памяці аб агульнай гісторыі Беларусі і Расіі, якая адлюстроўваецца ў тым ліку ў вучэбнай літаратуры, а таксама развіццю асветніцкай, экспертнай, кансультацыйнай, грамадска значнай гуманітарнай дзейнасці ў галіне гісторыі.

САКРАЛІЗАЦЫЯ САВЕЦКАГА МІНУЛАГА І АНТЫЗАХОДНЯЯ РЫТОРЫКА

Апошнім часам у праўладных колах усё часцей у станоўчым рэчышчы згадваецца імя дыктатара Іосіфа Сталіна. 10 студзеня філосаф і прапагандыст Аляксей Дзермант назваў заслугай Сталіна стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці і ўз’яднанне беларускіх зямель у 1939-м годзе: «Думаю, в Минске обязательно должен быть памятник Сталину». Ідэя паставіць помнік дыктатару ў цэнтры Мінска агучвалася прапагандыстамі і ў снежні 2023 года.

ДЗЕЙНАСЦЬ РАСІЙСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Расійскія арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі («Рускі Дом у Гомелі», «Рускі Дом у Мінску», «Рускі Дом у Брэсце»), а таксама прарасійскія актывісты няспынна займаюцца прапагандай у гістарычнай сферы, усхваляюць савецкія каштоўнасці, паслядоўна ўкараняюць у Беларусі расійскую культуру і рускую мову праз мерапрыемствы, конкурсы, распаўсюджванне кніг, спрыяюць інтэграцыйным працэсам Беларусі і Расіі. Можна меркаваць, што названыя арганізацыі атрымалі пэўны карт-бланш на тэрыторыі Беларусі, іх дзейнасці ніхто і нішто не замінае. 31 студзеня стала вядома, што «Россупрацоўніцтва» адкрывае чарговы цэнтр у Беларусі. На гэты раз у Гродне. Гэта ўжо чацвёрты горад у Беларусі, дзе «Россупрацоўніцтва» будзе мець свой цэнтр. А 26 студзеня прадстаўнік БГА «РУСЬ» уручыў кіраўніку «Рускага Дома ў Гомелі» Вользе Бараненка ліст падзякі. У ім Беларускае грамадскае аб’яднанне «Русь» выказала шчырую падзяку «Рускаму Дому ў Гомелі» «за многолетнее плодотворное сотрудничество на ниве упрочения национально-культурного единства Белой Руси и России, строительства Союзного государства и созидания цивилизации русского мира». 

ПАСЛЯДОЎНАЯ РУСІФІКАЦЫЯ

За студзень 2024 года Telegram-канал Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь размясціў 233 арыгінальныя навіны. Калі звярнуць увагу на мову паведамленняў, аналіз Telegram-канала Міністэрства культуры за студзень 2024 года выявіў, што моўная палітыка канала засталася нязменнай у параўнанні з папярэднімі месяцамі.

ПРАЦЭСЫ ФАРМАВАННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ Ў РОЗНЫХ СФЕРАХ КУЛЬТУРЫ

Па стане на пачатак 2024 года мінімум 152 беларускія культурныя дзеячы знаходзяцца ў няволі.

16 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол «Духоўнасць і культура: традыцыі і сучаснасць». Тэма мерапрыемства — сумесная дзейнасць культуры і праваслаўя ў галіне развіцця, аднаўлення і аховы гістарычнай і культурнай спадчыны, творчай дзейнасці, якая садзейнічае стварэнню адзінай асветніцкай прасторы. У рамках круглага стала генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквой. Прадметам дакумента сталі прафарыентацыйная, выдавецкая, адукацыйная дзейнасці і духоўна-маральная асвета ў мэтах умацавання сувязей паміж бакамі, садзейнічання ў рэалізацыі сумесных праектаў.

29 студзеня ў Санкт-Пецярбургу ў Расіі былі прысуджаныя прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2023-2024 гады. Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва прысуджаюцца адзін раз на два гады Вышэйшым дзяржсаветам за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.  

Увесь агляд можна працытаць ці спампаваць па спасылцы. 

Download .PDF (423,51 Kb)

06.02.2024