Гэтае даследаванне ўяўляе сабой агляд асноўных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў сферы культуры і гістарыяграфіі цягам снежня 2024 года і маюць дачыненне да фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці.
У снежні 2024 года ў Telegram-канале Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі змешчаны 60 арыгінальных навін (у папярэдніх двух месяцах — 103 і 99), якія тычацца міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры.
Галоўным для Беларусі партнёрам у культурнай сферы па-ранейшаму застаецца Расійская Федэрацыя. У снежні прайшлі шматлікія супольныя беларуска-расійскія мерапрыемствы, сярод якіх: Сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, на якім быў падпісаны план супрацоўніцтва на 2025 год , сустрэча Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Руслана Чарнецкага з першым намеснікам Губернатара Новасібірскай вобласці Юрыем Петуховым, у ходзе якой бакі намецілі напрамкі для супрацоўніцтва ў 2025 годзе, Дні Масквы ў Мінску і іншыя. Былі падпісаны дамоўленасці аб супрацоўніцтве паміж: Усерасійскім саюзам тэатральных дзеячаў, Беларускім саюзам кінематаграфістаў і Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў, Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Пермскай краёвай спецыяльнай музычнай школай, а таксама Новасібірскай спецыяльнай музычнай школай.
Таксама можна гаварыць пра намаганні беларускіх уладаў наладзіць стасункі (ў тым ліку культурніцкія) з усходнімі краінамі: Дні культуры Беларусі ў Таджыкістане, Дні культуры КНР у Рэспубліцы Беларусь.
Што тычыцца супрацоўніцтва з заходнімі краінамі, то цягам месяца такіх выпадкаў ізноў не было зафіксавана.
У перыяд з 1 па 31 снежня 2024 года расійскія арганізацыі былі ініцыятарамі ці (і) ўдзельнікамі такіх мерапрыемстваў і праектаў у Беларусі:
— навязванне рускай мовы і літаратуры: XIV Міжнародная канферэнцыя «Захаванне, падтрымка і прасоўванне рускай мовы і культуры за мяжой», «Дастаеўскія чытанні — 2024», міжнародная валанцёрская праграма «Амбасадары рускай мовы ў свеце», прэзентацыя кніг расійскіх аўтараў, літаратурныя сустрэчы і квэсты.
— папулярызацыя савецкай эпохі і праслаўленне ВАВ: V адкрытая абласная навукова-практычная канферэнцыя «Навука перамагаць», другая гульня гарадскога квіта «Увесь свет», прысвечаная вызваленню Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, конкурс дзіцячага малюнка «Малюем гісторыю: 80 гадоў Перамогі», XVI канферэнцыя беларускіх грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў «Разам з Расіяй захаваем памяць аб Перамозе», VIII Міжнародны расійска-беларускі конкурс студэнцкіх навуковых работ, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
— папулярызацыя расійскай гісторыі і расійскіх гістарычных асоб: «Давыдаўскія чытанні», асвятленне званоў для званіцы ў храме Аляксандра Неўскага ў Гродне, мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі, навагодні тур у Беларусь расійскага Дзеда Мароза з Вялікага Усцюга.
— праслаўленне інтэграцыі дзвюх краін: устаноўка інфармацыйных стэндаў, якія адлюстроўваюць асноўныя вехі станаўлення саюза Расіі і Беларусі , сустрэча, прысвечаная 25-годдзю з дня падпісання Дагавора паміж Расіяй і Беларуссю «Аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» праект «Дзеці Саюзнай дзяржавы разам — малююць», прымеркаваны да 25-годдзя Саюзнай Дзяржавы, тэлемост, прысвечаны 25-годдзю Саюзнай дзяржавы, круглы стол на тэму: «25 гадоў Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі. Задачы. Вынікі. Перспектыва».
— тэматычныя клубы і сустрэчы: круглы стол на тэму «Роля тэатра і кіно ў фарміраванні духоўна-маральных каштоўнасцей грамадства», дыялогавая пляцоўка з Генеральным консулам Расіі ў Гродне Феадосіем Уладышэўскім, пасяджэнні Гістарычнага Клуба
— папулярызацыя расійскага кіно: прэзентацыя фільма «Культурны код Марыі Ценішавай», дэманстрацыя дакументальнага фільма «Камера! Матор! Якуція!», адкрыццё кіназалы ў Рускім Доме у Гродне.
— выставы: «У майго парога. 1941 год» (Дом Масквы ў Мінску), выстава, прысвечаная памяці Фёдара Цютчава (Рускі Дом у Гродне).
Усё даследванне можна прачытаць ці спампаваць ПА СПАСЫЛЦЫ.