УСТУП
Дадзенае даследаванне ўяўляе сабой агляд асноўных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў сферы культуры і гістарыяграфіі цягам сакавіка 2024 года і маюць дачыненне да фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці.
У сакавіку былі выяўлены такія тэндэнцыі:
- Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры афіцыйных беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца амаль цалкам манапалізаваным Расіяй на фоне татальнай адсутнасці супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы;
- Працягваецца перапісванне гісторыі, барацьба з беларускімі гістарычнымі постацямі, непажаданымі для Расіі, і замена іх на расійскіх дзеячаў і дзеячаў савецкага перыяду, а таксама працэс уніфікацыі гістарычных навук Беларусі і Расіі;
- У ідэалагічнай сферы адбываецца сакралізацыя савецкага мінулага шляхам шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны;
- Расія, (пра)расійскія арганізацыі і актывісты не спыняюць сваю актыўнасць, праводзячы ў Беларусі экспансію расійскай культуры і рускай мовы і ствараючы падмурак для далейшай інтэграцыі;
- Па-ранейшаму назіраецца папулярызацыя рускай мовы і стварэнне адзінай (руска)моўнай прасторы;
- Беларуская нацыянальная культура ўсё больш прывязваецца да расійскай, падвяргаюцца рэпрэсіям дзеячы культуры.
МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
У сакавіку 2024 года на Telegram-канале Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было змешчана 54 арыгінальных навіны, якія тычацца міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры. Гэта амаль у два разы болей, чым у папярэднім месяцы.
Галоўным для Беларусі партнёрам у культурнай сферы па-ранейшаму застаецца Расійская Федэрацыя. Што тычыцца супрацоўніцтва з краінамі Заходняй Еўропы, то цягам месяца такіх выпадкаў зноў не было зафіксавана.
ЗНІШЧЭННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ
Увага дзяржавы да нацыянальнай гістарыяграфіі цягам апошніх месяцаў узмацнілася, пра гэта сведчаць многія факты. Узмацніліся таксама і спробы перапісаць гісторыю. 13 сакавіка Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін патлумачыў гэтыя працэсы так: «У нас же происходит историческая нормализация. В деле исторической памяти мы всё приводим в порядок: музеи, книги, телевизионные программы, учебники, а у некоторых и мозги».
ДЗЕЙНАСЦЬ РАСІЙСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Расійскія арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі («Рускі Дом у Гомелі», «Рускі Дом у Мінску», «Рускі Дом у Брэсце», «Рускі Дом у Гродне»), няспынна займаюцца прапагандай у гістарычнай сферы, усхваляюць савецкія каштоўнасці, паслядоўна ўкараняюць у Беларусі расійскую культуру і рускую мову праз мерапрыемствы, конкурсы, распаўсюджванне кніг, спрыяюць інтэграцыйным працэсам Беларусі і Расіі.
ПАСЛЯДОЎНАЯ РУСІФІКАЦЫЯ
За сакавік 2024 года Telegram-канал Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь размясціў 246 арыгінальных навін.
Калі звярнуць увагу на мову паведамленняў, аналіз Telegram-канала Міністэрства культуры за сакавік 2024 года выявіў, што моўная палітыка канала засталася нязменнай у параўнанні з папярэднімі месяцамі.
ПРАЦЭСЫ ФАРМАВАННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ Ў РОЗНЫХ СФЕРАХ КУЛЬТУРЫ
У пачатку сакавіка Беларускі ПЭН выклаў маніторынг са статыстыкай і аналізам адступленняў ад прававых нормаў у мінулым годзе. Выявілася, што ў 2023 годзе было зафіксавала 1499 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. З іх — 1097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны; 163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцяў; 57 парушэнняў у дачыненні да аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны і беларускай мовы. Станам на 31 снежня 2023 года пазбаўлены волі або абмежаваны ў ёй не менш за 155 дзеячаў культуры, 104 з якіх прызнаны палітычнымі зняволенымі. 10 дзеячаў культуры трапілі ў турмы, 80 адбываюць пакаранне ў калоніях, 4 — на «хіміі», 21 чалавек знаходзіцца ў СІЗА МУС і КДБ, 38 дзеячаў культуры — на «хатняй хіміі», месцазнаходжанне яшчэ 2 чалавек праваабаронцам невядомае. У параўнанні з папярэднімі перыядамі колькасць зафіксаваных парушэнняў у 2023 годзе не зменшылася, нават нягледзячы на тое, што факты пераследу робяцца ўсё менш публічнымі. Рэжым працягвае затрымліваць і саджаць дзеячаў культуры ў турмы, ціснуць на іх сваякоў, праследаваць за свабоду слова і думкі. Афіцыйная культура Беларусі зазнае выцясненне непадкантрольных спецыялістаў, татальную ідэалагізацыю, адмову ад міжнароднага супрацоўніцтва, замыканне на прарасійскім вектары развіцця.
Увесь агляд можна працытаць ці спампаваць па спасылцы.